Добрыя, шчырыя, таленавітыя… (пра творчасць С. Басуматравай)

Бабруйская паэтэса Святлана Басуматрава часта заглядвала ў рэдакцыю газеты «Бабруйскае жыццё», цікавілася як справы, прыносіла вершы да святаў. Святлана Міхайлаўна на дзіва вельмі хутка спраўлялася сачыняць вершы. Некалькі разоў на свае вочы бачыла, як яна, атрымаўшы заданне ад рэдактара, тут жа брала чысты аркуш паперы, на хвілінку задумвалася і адразу пачынала пісаць. Прыгожыя вершаваныя радкі з’яўляліся амаль праз пятнаццаць-дваццать хвілін, і ўжо назаўтра ў свежым нумары газеты бабруйчане чыталі новы верш Святланы Басуматравай. Мяне гэта заўсёды захапляла — вось ён сапраўдны талент! Я ведаю, што Святлана Басуматрава ў свой час скончыла Маскоўскі літаратурны інстытут, стала членам Саюза пісьменнікаў, выдала некалькі паэтычных зборнікаў.

Радзіму мы сабе не выбіраем,

Але калі б прыйшлося выбіраць,

То ў Беларусі горад ёсць адзіны,

А ў ім драўляны дом, і дворык чысты,

I кветкі пад вакном, і клён вячысты,

I просценькі малюначак гардзін.

Там радасці мае ўсе і няўдачы.

Калі б аднойчы сталі цягнікі,

Туды б удзень і ўночы напрасткі

Я пешшу йшла б на галасок дзіцячы.

Такія радкі пісала Святлана Басуматрава пра родны край, пра Бабруйск. Увогуле ў паэтэсы ёсць вершы на самыя розныя тэмы. Яна проста, душэўна і шчыра пісала пра людзей, пра наш горад, пра прыроду, вайну, пачуцці, каханне і дружбу, на філасофскія тэмы.

То крыўдзіць лёс мяне, то радуе.

Душа, не скардзіся, цішэй.

Бо чым ніжэй крывая падае,

Тым уздымаецца вышэй.

…Паэтэсы Святланы Басуматравай ужо больш двух гадоў няма на Зямлі, а яе вершы і яе зборнікі будуць яшчэ доўга жыць і радаваць людзей. У кожнай бабруйскай бібліятэцы ёсць кнігі з непаўторнымі вершаванымі радкамі нашай таленавітай зямлячкі. Сярод яе шматлікіх вершаў, я думаю, кожны чытач знойдзе нешта сваё, каб падняць настрой ці пасумаваць, а мабыць і паразважаць аб жыцці…

Чытач ДБ №6 ім. М.Астроўскага, Маргарыта Падабед

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля