Куток “Сялянская хата”

Куток “Сялянская хата”

За многія гады свайго існавання беларусы стварылі багатую самабытную культуру, якая грунтуецца на ўстойлівых народных традыцыях. І вельмі важна, каб дзеці з маленства пачыналі цікавіцца мінулым і сучасным сваёй зямлі, сваімі славутымі зямлякамі, вучыліся любіць і захоўваць спадчыну сваіх продкаў.

Пачынаючы з 2005 года нацыянальнае адраджэнне з’яўляецца прыярытэтным напрамкам работы дзіцячай бібліятэкі №6 імя М. Астроўскага. Пры бібліятэцы  створаны куток “Сялянская хата”. Этнаграфічны куток налічвае каля 100 экспанатаў. Галоўная мэта кутка “Сялянская хата“ : захаваць сямейныя традыцыі, выклікаць  цікавасць да больш глыбокага знаёмства з жыццём сваіх продкаў, устанавіць жывую сувязь пакаленняў.

Кожны жадаючы тут зможа  бліжэй пазнаёміцца з народнай культурай беларусаў, з жыццём і побытам нашых продкаў, паглядзець , як адзначаліся святы народнага календара.

У кутку “Сялянская хата”  праходзяць экскурсы ў мінулае “Што стварылі стагоддзі і захавалі нашы продкі”, у час якога і адбываецца знаёмства з сялянскай хатай. Наведвальнікаў сустракаюць гаспадар з гаспадыняй ў народным адзенні, і праводзяць экскурсію па хаце на беларускай мове. Пачынаецца экскурс заўсёды з “Чырвонага кута” – самага шаноўнага месца ў хаце, дзе развешаны абразы, убраныя ручнікамі-набожнікамі. Затым пераходзім да печы і “бабінага кута”. Тут наведвальнікі могуць патаўчы паветра ў маслабойцы,  прымерацца да сапраўднага ўхвату і г.д. На самым відным месцы ў хаце стаіць куфар, дзе і знаёмяцца ўдзельнікі экскурсій з пасагам дзяўчыны.

У зімовы час сялянская хата пераўтваралася ў рамесляную майстэрню, таму ў кутку “Сялянскай хаты” стаіць драўляны ткацкі станок-кросны. Побач размясціліся прасніца і калаўрот, дзе можна паспрабаваць прасці кудзелю.

Таксама пад час экскурсій наведвальнікі ўзбагачаюць свой кругагляд цікавымі звесткамі аб уяўленнях беларусаў пра некаторыя прадметы ці прылады працы. Рэчы гаспадарчага і хатняга ўжытку, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як і традыцыйнае адзенне, не толькі дазваляюць зазірнуць на побыт і культуру беларусаў, але сведчаць аб высокім узроўні народнага ўмельства і майстэрства. Экскурсіі праводзяць не толькі супрацоўнікі бібліятэкі, але і простыя дзяўчынкі і хлопчыкі, якія вельмі цікавяцца беларускімі традыцыямі і звычаямі.

 Усе жадаючыя атрымліваюць буклет “Хата – мой сусвет”, які дае парады аб добрых і дрэнных месцах для будаўніцтва хаты, звесткі аб Чырвоным і “бабіным” куце.

Пасля заснавання кутка з’явілася шмат наведвальнікаў, якія сталі больш глыбока цікавіцца нашай даўнінай, і было вырашана арганізаваць праект “Расцем беларусамі”, для самых маленькіх наведвальнікаў нашай бібліятэкі, выхаванцаў дзіцячага садка.

Наш адрас: г. Бабруйск, вуліца Камсамольская, 52

Тэлефон для даведак: 8(0225) 70-71-55; 72-06-16

Электронная пошта: bibl6@tut.by

 

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Генерация пароля