Роднаму слову прызнанне ў любві

“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”. І неад’емная частка яе — родная мова. Яна не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця i працы народа, яго грамадскага i культурнага развіцця. У кожным куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры.

19 лютага, у рамках Міжнароднага дня роднай мовы, для вучняў 5 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа  №9 г. Бабруйска” у дзіцячай бібліятэцы №6 імя. М. Астроўскага прайшло свята роднай мовы “Роднаму слову прызнанне ў любві”.

Вядучая, пераапранутая ў беларускае народнае адзенне, расказала дзецям аб тым, што наша родная беларуская мова прайшла доўгі і складаны шлях свайго развіцця. Вучні чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў: Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, К. Буйло, слухалі беларускія паданні і казкі. На свята завітала сама спадарыня Мова. Яна правяла для вучняў конкурс “Адгадай казку” і даведалася хто ж самы лепшы знаўца беларускай казкі, конкурс “Прыказкі і прымаўкі”. Дзеці з цікавасцю прынялі ўдзел у гульні “Чароўны куфэрак”.

Свята атрымалася! Яно было не толькі вясёлым і шумным, але і вельмі карысным, пазнавальным!

А для ўсіх наведвальнікаў абанемента было прапанавана гульнёвае падарожжа “Фальклорная мазаіка”, якая дапамагла замацаваць веды аб беларускім народным фальклоры: прыказках і прымаўках, загадках, казках. Дзеці і дарослыя з захапленнем гулялі ў літаратурнае даміно “Залацінкі народнай мудрасці”. Арганізаваная бібліятэкарамі выстава-віктарына “Пазнай пісьменніка па партрэту” дала магчымасць успомніць творы беларускіх класікаў. Праз знаёмства са спадчынай беларускага народа Міжнародны дзень роднай мовы садзейнічаў выхаванню любві і павагі да роднага слова.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля