Рубрика: Мая мова – беларуская

Хутчэй у бібліятэку

 

 

 

 

Мая мова – беларуская

 

 

Углядаючыся ў мінулае, мы імкнемся зразумець значнае, убачыць перспектывы. Любоў да Бацькаўшчыны, патрыятызм – гэта не толькі важнейшая ўмова існавання народаў, рашаючы маральны фактар паспяховага пераадолення цяжкасцей, але і магутны духоўны сродак, здольны забяспечыць паступальнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны сёння, дапамагчы захаваць і павялічыць духоўныя каштоўнасці народа.

Адносіны да духоўнай спадчыны свайго народа, да мовы продкаў выяўляюць агульную культуру і грамадскую годнасць чалавека.

Мова суправаджае свядомую дзейнасць чалавека на працягу ўсяго жыцця, вось чаму мове вучаць ад нараджэння. Яна выступае як сродак навучання, развіцця і патрыятычнага выхавання асобы. Іншага раўназначнага з мовай па сваіх магчымасцях дыдактычнага сродку педагогіка не мае, паколькі па значэнні яна звязана з чалавекам – носьбітам свядомасці, а свядомасць знаходзіцца ў адзінстве з мовай і маўленнем.

Мова ўплывае на фарміраванне думкі, актывізуе разумовыя працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чалавека, паколькі мысленне заўсёды ажыццяўляецца ў моўных формах і з дапамогай моўных сродкаў.

У жыцці любога этнасу мова адыгрывае важную ролю. Беларуская мова – гэта мова беларускага народа, які ў асноўным пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Сучасную беларускую мову ўяўляе сабой канчаткова распрацаваная і нармаваная мова, якая абслугоўвае ўсе формы дзейнасці людзей – культурнае і грамадскае жыццё. Гэта мова мастацкай літаратуры, навуковых і адукацыйных устаноў, сродкаў масавай інфармацыі.

Установа культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Бабруйска” распрацавала онлайн-праект “Мая мова – беларуская”, які прадстаўляе змястоўны матэрыял па станаўленню і развіццю беларускай мовы, творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў, расфарбоўкі, мазаікі і загадкі для дзяцей, выдавецкую прадукцыю і гэтак далей. На працягу года онлайн-праект будзе папаўняцца інфармацыяй і фатаграфіямі аб мерапрыемствах, якія праходяць у бібліятэках з мэтай папулярызацыі беларускай мовы.

Заставайцеся з намі, бо НАША МОВА – БЕЛАРУСКАЯ!

Станаўленне і развіццё

Станаўленне і развіццё беларускай мовы

Беларуская мова – гэта нацыянальная мова беларускага народа. Яна мае шматвяковую гісторыю. Мова прайшла доўгі шлях свайго развіцця – ад мовы беларускай народнасці ў далёкім мінулым да сучаснай мовы беларускай нацыі. Стваралася і развівалася беларуская нацыянальная мова ў складаных гістарычных умовах, у непарыўнай сувязі са стварэннем і развіццём беларускай нацыі.

Перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якія паўплывалі на яе стан і развіццё. Да ліку такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X стагоддзі да хрысціянскай цывілізацыі. Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай мове і паступова выціснула язычніцкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, што існавалі ва ўсіх славян у IX стагоддзі.

Надзвычай плённымі ў гісторыі беларускай кніжнасці, пісьменства былі ХІ-ХІІ стагоддзі. Побач з традыцыйнымі богаслужэбнымі творамі на царкоўнаславянскай мове да нас дайшлі арыгінальныя творы старажытнай эпохі: словы, казанні, павучанні, малітвы Кірылы Тураўскага, пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У XII стагоддзі асветніцкую працу вяла Еўфрасіння Полацкая. Яе жыццё і дзейнасць апісаны ў “Жыціі”, складзеным пасля смерці адным з вучняў.

На тэрыторыі Беларусі існавалі такія буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці, як Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр, дзе перапісваліся царкоўныя, ствараліся і знаходзілі выйсце арыгінальныя творы. Значна больш помнікаў пісьменнасці не толькі рэлігійнага, але і свецкага характару дайшло да нас ад XIII стагоддзя.

Гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы знойдзены ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе. I гэтыя помнікі шырока адлюстроўваюць асаблівасці народнай гаворкі таго часу, якія сталі спецыфічнымі рысамі сучаснай беларускай мовы. Такім чынам, у помніках, створаных на Беларусі ў Х-ХІІІ стагоддзях, выразна акрэсліліся рысы беларускай моўнай сістэмы.

У XIII стагоддзі Кіеўская Русь распадаецца на Маскоўскую Русь і Вялікае княства Літоўскае. ВКЛ узнікла як саюз усходнеславянскіх княстваў (Навагрэдскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і іншыя) і на працягу XIV стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная, рознаканфесіяльная і шматмоўная. Этнічную большасць у Вялікім Княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямёнаў (крывічаў, дрыгавічаў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычаі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую з даўніх часоў.

На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стагоддзяў склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова – старабеларуская. У той час яе называлі “просто мова”, але можна сустрэць і тэрміны “просто молва” і “літоўская”. Гэтая мова мела статус афіцыйнай дзяржаўнай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, таму ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку XVI стагоддзя з’ўявіліся друкаваныя кнігі. На ёй існавала багатая літаратура, навуковая і мастацкая, летапісы, а з сярэдзіны XVI стагоддзя – тэксты Святога Пісання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый (Літоўская метрыка, Статут Вялікага княства Літоўскага). У апошнім даволі паслядоўна адлюстраваны найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкі і граматыкі, праведзена пэўная ўніфікацыя графікі і арфаграфіі. Надзвычай шырока прадстаўлены тут усе тэматычныя пласты тагачаснай беларускай лексікі – ад назваў дзяржаўных рэалій, службовых асоб да найменняў прадметаў і з’яў бытавога характару.

Высокі ўзровень мела ў XV-XVII стагоддзях беларускае свецка-мастацкае пісьменства, якое існавала ў такіх жанравых формах, як летапісы, мемуары, гістарычна-прыгодніцкія, рыцарскія аповесці і раманы, вершы, творы палітычнай сатыры і іншыя.

Аднак далейшае развіццё беларускай народнасці і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне Федыратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай у выніку аб’яднання Вялікага княства Літоўскага з Польшчай (Люблінскай уніяй 1569 г.) мела вынікам значнае ўзмацненне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да Вялікага княства Літоўскага. Яна выяўлялася найперш у імкненні падпарадкаваць гэты край Кароне, у пашырэнні каталіцызму, польскай культуры, мовы.

3 канца XVI стагоддзя на Беларусі распаўсюджваецца лацінская мова – афіцыйная мова Польскай дзяржавы.  Яна пачынае выкарыстоўвацца ў судовай практыцы, навуковым ужытку, становіцца прадметам школьнага вывучэння. Экспансія польскай мовы асабліва пашыраецца ў XVII стагоддзі. Польская мова становіцца мовай канфесійнай палемікі свецкай літаратуры, выцясняе беларускую з прыватнага пісьмовага ўжытку. Творы, якія выходзяць на беларускай мове ў канцы XVI-XVII стагоддзяў, беспадстаўна напаўняюцца паланізмамі.

Засмечаная і сацыяльна непрыстыжная, беларуская літаратурная мова ўступае пазіцыі польскай. Ад XVII-XVIII стагоддзяў дайшло да нас зусім мала помнікаў на беларускай мове. Але беларуская мова працягвае выкарыстоўвацца ў штодзённым ужытку сялян і іншых ніжэйшых колаў грамадства, якіх польская асіміляцыя амаль не закранула, гэта значыць працягвае функцыянаваць і развіваецца як народна-дыялектная мова.

У канцы XVIII стагоддзя беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах. Некалі Вялікая Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у 1795 годзе перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Але ў складзе Расіі Беларусь канчаткова страціла дзяржаўнасць і нават сваю этнічную назву, ператварыўшыся ў “Северо-западный край” імперыі.

Царскі ўрад ігнаруе не толькі дзяржаўную самастойнасць, але і этнічную, моўную, культурна-рэлігійную адметнасць беларускага народа. Загадам Мікалая I у 1840 годзе на Беларусі ў якасці афіцыйнай уводзіцца руская мова. Беларуская мова ў гэты і пазнейшыя часы ў афіцыйны ўжытак, пісьменнасць, школы не дапускалася.

Менавіта ў гэты час нацыянальна-культурнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа, прызнанне гістарычнай ісціны, што толькі на аснове нацыянальных традыцый можна стварыць каштоўнасці агульначалавечага значэння, што пытанні “быць ці не быць беларускай культуры? Быць ці не быць самім беларусам?” вырашаюцца праз лёс роднай мовы.

Такім чынам, сучасная літаратурная беларуская мова пачынае складвацца амаль праз два стагоддзі пасля спынення старабеларускай пісьмовай традыцыі. Складваецца на аснове жывой мовы народа. Працэс фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы супаў з перыядам так званага славянскага Адраджэння, калі адбывалася фарміраванне славянскіх нацый і новых нацыянальных моў.

Першыя спробы кадыфікаваць правапісныя і граматычныя нормы былі зроблены братамі Лёсікамі, якія ў 1917 годзе апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік “Як правільна пісаць па-беларуску”, а ў 1918 годзе на яго аснове выдалі “Беларускі правапіс”. У гэты час выходзяць і іншыя дапаможнікі: “Беларускі правапіс” А.Луцкевіча і Я.Станкевіча, граматыка П.Пачобкі, і іншыя. Але найбольш значнай і ўдала распрацаванай сярод іх стала “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918 годзе.

З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча заканчваецца перыяд стыхійнага арфаграфічнага развіцця і пачынаецца этап арганізаванага рэгулявання беларускага правапісу. Гэты этап падзяляецца на два перыяды: дарэформенны і паслярэформенны.

Дарэформенны перыяд пачынаецца ў 1918 годзе выхадам “Беларускай граматыкі для школ” Б.Тарашкевіча і заканчваецца ў 1933 годзе.

Паслярэформенны перыяд пачынаецца ў 1933 годзе ў выніку прыняцця пастановы СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Гэтым дакументам былі ўнесены значныя змены ў правапіс (замацаванне акання ва ўсіх ненаціскных складах пасля цвёрдых зычных, адмена перадачы на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, змяненні ў напісанні некаторых запазычаных слоў). Рэформа атрымала як станоўчую, так і негатыўную ацэнку. Яна не была прынята за межамі БССР (Захадняя Беларусь). Поўны звод афіцыйнага беларускага правапісу “Правілы беларускай арфаграфіі i пунктуацыі” быў апублікаваны ў 1959 годзе.

Уздым у 20-ыя годы беларускай культуры, якая выкарыстала часовую магчымасць развіцця, прывёў да ўзнікнення вялікай колькасці беларускіх тэкстаў і далучэння да беларускага пісьмовага слова мільёнаў людзей.

У выніку ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. На ёй працавалі ўрад, дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, вялося навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ, ствараліся падручнікі, слоўнікі. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі.

У другой палове XX стагоддзя беларуская мова функцыянавала ва ўмовах канкурэнцыі з рускай. На працягу 50-80 гадоў не абароненая дзяржавай беларуская мова ўступала адну пазіцыю за другой рускай мове, якая, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову рэспублікі. Сітуацыя змянілася ў канцы 80-ых гадоў. Працэсы дэмакратызацыі грамадства, набыццё нашай рэспублікай суверынітэту абвастрылі, як ніколі раней, моўную праблему і абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы. У 1990 годзе беларускай мове, у адпаведнасці з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі Законам аб мовах, быў нададзены статус дзяржаўнай, які прадугледжваў найперш аднаўленне яе ў сферы афіцыйна-прававога ўжытку і адукацыі. Дзякуючы намаганням інтэлігенцыі, дзейнасці ўстаноў асветы, культуры, творчых саюзаў, роля беларускай мовы ў жыцці грамадства значна ўзрасла. Пашырыліся яе функдыі ў сістэме адукацыі – спынена практыка пераводу школ на рускую мову навучання. Дзяржаўная падтрымка беларускамоўных выданняў, сродкаў масавай інфармацыі значна павялічыла аб’ём камунікацыі на беларускай мове.

Аднак юрыдычная нераспрацаванасць, невыразнасць многіх палажэнняў Закона аб мовах, а таксама новыя рэаліі, якія ўзніклі пасля рэферендуму (1995 г.), дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе ў рэспубліцы, маюць вынікам тое, што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця рэспублікі, не з’яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі.

Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя сацыяльна-палітычныя ўмовы, у якіх часта аказвалася беларуская літаратурная мова, развіццё на ёй розных жанраў мастацкай, публітыстычнай, навуковай літаратуры не спынялася на працягу XX стагоддзя. Дзякуючы шматграннай, рознабаковай творчасці майстроў слова, вучоных, беларуская мова набыла неабходную культуру, інтылектуальнасць, стала здатнай да таго, каб ствараць на ёй самыя разнастайныя па характары і змесце творы. На беларускай мове выдадзены шматтомныя галіновыя энцыклапедыі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі, на ёй існуе багатая і самабытная мастацкая і публіцыстычная літаратура.

Дыялекты беларускай мовы.

Беларуская народна-дыялектныя мова падзяляецца вучонымі на два асноўных дыялекты, паўночна-заходні дыялект і паўднёва-заходні дыялект, падзеленых пераходнымі сярэднебеларускімі гаворкамі. Гаворкі беларускай народна-дыялектнай мовы адрозніваюцца адзін ад аднаго характарам акання, наяўнасцю цвёрдага «Р» ва ўсякім становішчы, або ў вядомых толькі ўмовах, або змешваннем цвёрдага «Р» з мяккім, наяўнасцю або адсутнасцю дыфтонгаў, дзекання і цекання, змешвання «Ч» i «Ц» i г.д., a таксама ўяўляюць змешаныя гаворкі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.

У Беларусі таксама існуе такая з’ява, як трасянка. Гэта – размоўная мова з пераважна рускай лексікай, але беларускай граматыкай і фанетыка. Утварылася трасянка ў выніку змешвання народна-дыялектнай беларускай мовы з сучаснай рускай літаратурнай мовай. Адзначаецца, што з вуснай прамовы трасянка пранікае і ў публіцыстыку. Літаратурная беларуская мова выкарыстоўваецца галоўным чынам гарадской інтэлігенцыяй; вялікая частка гарадскога насельніцтва карыстаецца сучаснай рускай літаратурнай мовай.

Для беларускай мовы вылучаюць наступныя асноўныя групы дыялектаў:

Паўночна-усходні дыялект— Віцебская вобласць, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўскай вобласці;

Віцебская група дыялектаў— усход Віцебскай вобласці;

Полацкая група дыялектаў— заходняя і цэнтральная часткі Віцебскай вобласці і паўночны захад Магілёўскай вобласці;

Усходне-Магілёўская група дыялектаў — усход і частка цэнтра Магілёўскай вобласці;

Сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гарадзенскай, цэнтр Мінскай, паўднёвы захад Магілёўскай і паўночны ўсход Гомельскай абласцей;

Паўднева-заходні дыялект — Гарадзенская вобласць, поўдзень Мінскай вобласці і Гомельскай вобласці;

Гарадзенска-Баранавіцкая група дыялектаў— Гарадзенская вобласць і поўнач Брэсцкай вобласці;

Слуцкая група дыялектаў — поўдзень і паўднёвы ўсход Мінскай вобласці, Гомельская вобласці;

Мазырская група дыялектаў — поўдзень Гомельскай вобласці;

Палеская група дыялектаў — паўднёвы захад Брэсцкай вобласці.

Мая мова – беларуская


Дзеткам

 

Расфарбоўкі

 

 

Пазычана з сайта dzietki.org

 

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля