У храме Купалавага слова

Янка Купала – класік сусветнай і беларускай літаратуры.

Янка Купала падняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню. Яго творчасць параноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, яна ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Ад першага да апошняга верша яна належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.

Паэзія Янкі Купалы – гэта перш за ўсё паэзія пачуццяў, эмоцый, глыбокіх разважанняў і перажыванняў. У розны час лірык быў то паэтам-грамадзянінам, то прарокам, то філосафам. Як ніхто з беларускіх паэтаў Купала садзейнічаў фарміраванню тэхнікі вершаскладання, прыўнёс свае рытмы, інтанацыі, вызначыў найбольш перспектыўныя шляхі, па якім у наш час развіваецца беларуская паэзія.  Адначасова выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

7 ліпеня Беларусь адзначае 140-ю гадавіну з дня нараджэння беларускага паэта. У гарадской бібліятэцы № 8 імя Еўфрасінні Полацкай да гэтай даты разгорнута літаратурная выстаўка “У храме Купалавага слова”. Чытачы і наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым шляхам паэта і яго творчасцю. Постэры, прысвечаныя Янку Купалу, знаёмяць чытачоў бібліятэкі з яго бацькамі і мясцінамі, дзе нарадзіўся паэт, з хрэстаматыйнымі вершамі розных часоў, першымі зборнікамі паэзіі. Драматычным творам: “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя” – прысвечаны тры постэры. Тут змешчаны здымкі вокладак п’ес, праграмкі і сцэны са спектакляў Акадэмічнага нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы.

Прыцягваюць увагу кнігі, выдадзеныя ў розныя гады: факсімільнае выданне першага зборніка паэта “Жалейка”, “А хто там ідзе?”, якая змяшчае знакаміты верш на 82-х мовах свету, зборнік “Вершы і паэмы”, прызначаны да 100-гадовага юбілею Янкі Купалы і аздоблены выдатнымі ілюстрацыямі мастака Міхаіла Басалыгі. Акрамя твораў самога паэта на выстаўке прадстаўлены энцыклапедыі для дарослых і дзяцей, кнігі беларускіх пісьменнікаў У. Ліпскага і А. Лойкі пра Купалу.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля