24 чэрвеня ў гарадской бібліятэцы № 8 імя Е. Полацкай чытачам быў прапанаваны партрэт пісьменніка “Стваральнік беларускага рамана”, прысвечаны 120-й гадавіне з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Пісьменнік, якога крытыка называла “беларускім Дастаеўскім”, стаў стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і філасофска-інтэлектуальнай прозы.
Чытачы бібліятэкі пазнаёміліся з кароткім і цяжкім жыццём пісьменніка, якому выпала перанесці выпрабаванні 30-х гадоў і ваеннага ліхалецця. Але, нягледзячы на такое становішча, ён прымаў актыўны ўдзел у літаратурным жыцці Беларусі: пісаў і выдаваў аповесці і апавяданні, быў кіраўніком Кабінета маладога аўтара пры саюзе пісьменнікаў БССР, дапамагаў творчай моладзі авалодваць азамі мастацкай творчасці.
У ваенны час, цяжка хворы і змучаны штодзённай работай у рэдакцыі, ён здзейсніў пісьменніцкі подзвіг, напісаўшы тры раманы: “Пошукі будучага”, “Млечны шлях”, “Вялікі дзень”, аповесці і апавяданні.
Усім сэрцам ён імкнуўся ў родную Беларусь. Апошнія месяцы яго жыцця прайшлі на Бацькаўшчыне. У архіве выдатнага пісьменніка засталося звыш дзесяці пачатых новых твораў, і дзённік, які ён вёў з 2 ліпеня па 22 лістапада 1944 года, апошняга дня свайго жыцця, у якім Кузьма Чорны паўстае сапраўдным сынам Беларусі.
Чытачы бібліятэкі зацікавіліся творчасцю пісьменніка і з задавальненнем узялі творы для чытання.
Свежие комментарии