Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Як хороша гучыць: матуля, каханне, суніцы, залатыя лісцікі на дрэвах… Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
У межах Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, ў бібліятэках установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Бабруйска” адбыўся цыкл мерапрыемстваў і бібліятэчных выставак “Мы чытаем, паўтараем, размаўляем і гуляем”.
У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М.Горкага у Міжнародны дзень роднай мовы была праведзена акцыя “Родная мова як матчына слова”, у рамках якой бібліятэкары размаўлялі на беларускай мове, прапанавалі ўспомніць беларускія прыказкі і прымаўкі, звярталі асаблівую ўвагу на беларускія творы сучасных пісьменнікаў. Чытачы з задавальненнем размаўлялі на беларускай мове, з гумарам узгадвалі беларускія прыказкі і рабілі пераклад асобных слоў з рускай мовы на беларускую.
Для наведвальнікаў гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна прайшоў Дзень чытача беларускай кнігі “Гімн роднай мове”. Чытачы маглі праверыць сябе на веданне роднай мовы з дапамогай віктарыны “Таямніцы беларускіх слоў”. Для карыстальнікаў была прадстаўлена кніжная выстаўка “Родная мова – мая пуцяводная зорка”.
У гарадской бібліятэцы № 7 імя А.А.Шагенцукава адбылася бібліятэчная сустрэча “Крынічкай звініць роднай мовы гучанне” з удзелам вучняў 5 “В” класа ДУА “Сярэдняя школа № 19 г. Бабруйска”. У час мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з гісторыяй і культурай роднай мовы, дазналіся, што родная мова — душа беларускага народа, якую патрэбна любіць, шанаваць і берагчы. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы прысутным дапамагло чытанне вершаў класікаў беларускай літаратуры (Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.).
Падчас акцыі “На мове роднай размаўляю” наведвальнікі бібліятэкі № 8 імя Е. Полацкай пазнаёміліся з выстаўкай “Родной язык – душа народа”, дзе былі прадстаўлены вучэбныя дапаможнікі, разнастайныя слоўнікі беларускай мовы: фразеалагічныя, тлумачальныя, эпітэтаў, кнігі па беларускаму фальклору і міфалогіі, а таксама факсімільнае ўзнаўленне першага беларускага буквара, выдадзенага ў 1618 годзе. У бібліятэцы прайшла займальная гульня на веданне беларускіх прыказак і прымавак, лічылак і хуткагаворак. Дзеці пісалі на стыкерах словы на беларускай мове і размяшчалі іх на выставе “Фарбы роднай мовы”.
На цікавы і пазнавальны занятак, гадзіну роднай мовы “Па старонках роднай мовы”, ў дзіцячую бібліятэку № 6 імя М.Астроўскага завіталі вучні 2 “А” класу ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Бабруйска”, удзельнікі праекту “Расцём беларусамі”. Дзеці разгарнулі чароўныя старонкі скарбаў беларускай мовы: яны чулі беларускую мову, вучыліся самі называць на роднай мове розныя прадметы, вымаўляць ветлівыя словы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем гулялі ў перакладчыкаў, адгадвалі загадкі на беларускай мове, слухалі вершы. А беларуская народная казка “Стары конь”, прыйшлася даспадобы малечы.
Усе мерапрыемствы бібліятэк УК “ЦБС г.Бабруйска” былі вельмі карыснымі і пазнавальнымі.
Свежие комментарии