19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава (1924–2003). Гэтай падзее было прысвечана правядзенне ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.П.Гайдара для наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Бабруйска” літаратурнага партрэта “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы”. Падчас мерапрыемства бібліятэкар расказаў пра жыццё і дзейнасць В.Быкава, пра яго нялёгкі жыццёвы шлях, сусветную вядомасць і супярэчнасці лёсу. Прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі расповед пра дзяцінства пісьменніка, яго вучобу ў Віцебскай мастацкай вучэльні, баявы шлях у гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё і творчую дзейнасць у пасляваенныя гады, пра шматлікія ўзнагароды і званні пісьменніка.
Кнігі Быкава – гэта любоў да Бацькаўшчыны, выхаванне гонару за яе. А яшчэ за людзей простых, быццам бы нічым не выбітных, але мужных, мудрых і гуманных нават у самых складаных абставінах. Аповесці “Альпійская балада”, “Абеліск”, “Сотнікаў”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Мёртвым не баліць” паставілі В.Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы ХХ стагоддзя. Яго літаратурныя працы перакладзены на многія мовы свету і экранізаваны.

















