У гарадской бібліятэцы №8 імя Еўфрасінні Полацкай да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава для чытачоў бібліятэкі арганізавана выстаўка-постэр “Подзвіг ратны, подзвіг вечны…”.
Рыгор Барадулін пісаў: “Па творах Васіля Быкава свет спасцігае асаблівасці беларускага народнага характару, трагізм гістарычнага лёсу нашага народа. Творчасць пісьменніка дапамагае шукаць сцежкі да дабрыні і справядлівасці. Імя Васіля Быкава ўспрымаецца сёння ў свеце як сімвал мужнасці, годнасці, самабытнасці беларускага народа, як “пароль… чуласці і рашучасці… Беларусі”. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-гадовага юбілею Васіля Быкава, класіка айчыннай літаратуры, аднаго з самых вядомых беларускіх літаратараў у свеце, творчасць яго гучыць асабліва ярка.
На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі Васіля Быкава розных гадоў, цікавыя факты з біяграфіі, пра малую радзіму, бацькоў, сям’ю і сяброў пісьменніка. Чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца з малюнкамі Васіля Быкава. Даведацца, што на працягу ўсяго свайго жыцця Васіль Быкаў любіў маляваць і нават вучыўся некаторы час у Віцебскім мастацкім вучылішчы на аддзяленні жывапісу. Пісьменнік сам расказваў, што на фронце знаходзіў час для творчасці. Ён маляваў на лістку невялікага кавалачку паперы алоўкам, штрыхамі рабіў тонкія вострыя малюнкі, якія, па сутнасці, былі яго другой запісной кніжкай.
На выстаўцы-постэр размешчаны матэрыял пра першы значны твор аўтара – аповесць “Жураўліны крык”, якая стала першым з твораў, які можна аднесці да тыповай “быкаўскай” творчай манеры, пра надрукаваную ў 1963 годзе аповесць “Альпійская балада” па матывах якой праз два гады рэжысёр Барыс Сцяпанаў зняў на “Беларусьфільме” карціну, якая ўвайшла ў залаты фонд беларускага кінематографа.
Прадстаўлены зборнікі твораў Васіля Быкава розных гадоў, асобныя творы пісьменніка, аўтабіяграфічныя і літаратуразнаўчыя выданні. Літаратурная спадчына класіка айчыннай літаратуры чакае свайго чытача.
Свежие комментарии