Імя народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. З аўтарам шэрагу апавяданняў, аповесцей і іншых празаічных твораў знаёмы як і самы юны чытач, так і дарослы. І сапраўды, наўрад ці знойдзецца вучань, які б не ведаў “Міколку-паравоза” ці “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”. Шырока вядомы апавяданні Міхася Лынькова “Над Бугам”, “Андрэй Лятун”, “Баян”, “Гой”, напісаныя ў даваенныя гады. А таксама апавяданні часоў Вялікай Айчыннай вайны: “Васількі”, “Ірына”, “Салют”, “Астап”, раман-эпапея “Векапомныя дні” і шэраг іншых твораў.
30 лістапада споўнілася 120-гадоў з дня нараджэння Міхася Лынькова. Да гэтай даты у гарадской бібліятэцы №8 імя Еўфрасінні Полацкай прайшла творчая панарама “Дар душэўнай дабрыні”. Чытачы бібліятэкі знаёміліся з цікавымі фактамі біяграфіі пісьменніка, яго працай адказным рэдактарам газеты “Камуніст” у Бабруйску, арганізацыяй Бабруйскай філіі літаратурнай арганізацыі “Маладняк”, жыццём, грамадскай і літаратурнай дзейнасцю ў Мінску, у гады вайны і пасляваенны перыяд.
На кніжна-ілюстратыўнай выстаўцы “Выдатны майстар слова” з верасня месяца презентаваліся кнігі з творамі, літаратуразнаўчымі выданнямі, успамінамі блізкіх і сяброў пісьменніка, перакладамі Міхася Лынькова, чытачы знаёміліся з цікавымі звесткамі пра здымкі фільма “Міколка-паравоз”, брашурай “Шчодрае сэрца пісьменніка” створанай бібліятэкарамі. Адкрыццём для чытачоў стала інфармацыя пра спецыяльную прэмію Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта імя Міхася Лынькова, за значныя дасягненні ў папулярызацыі беларускай мовы, лаўрэатамі якой з’яўляюцца і бібліятэкары гарадской бібліятэкі №8 імя Еўфрасінні Полацкай.














