16 лістапада адзначаецца Дзень беларускай лялькі. Мяркую, добра было задумана: менавіта ў гэты дзень звярнуцца да навучэнцаў установы адукацыі “Бабруйскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж” з аповедам пра нашу родную культуру, узяўшы лялек у праваднікі. Усе, хто прыйшоў у гэты дзень у цэнтральную гарадскую бібліятэку імя М.Горкага, з цікавасцю слухалі члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўніка студыі «Майстрыха.by» установы культуры “Цэнтр дасуга і творчасці г. Бабруйска” Гульнару Качан. Яна зрабіла своеасаблівае гістарычнае падарожжа ў свет беларускіх народных лялек. Ведае пра іх шмат, да таго ж доўгія гады сама стварае лялькі на кожны жыццёвы выпадак. У бібліятэцы нават ёсць яе кніга “На счастье, на долю”. На гэты раз Гульнара правяла цікавы майстар-клас – паказала, як зрабіць беларускую ляльку з вельмі таямнічай назвай: “ліхаманка”, альбо “ліхарадка”.
Сярэдзіна восені, калі пачынаецца большасць прастудных захворванняў, самы час для вырабу лялек Ліхаманак. Падвешваюць іх звычайна на адной вяровачцы каля коміну. Іх роля – прыцягнуць да сябе ўвагу ліхадзейкі-хваробы, якая заляцела ў дом. Верылі нашы бабулі, што заляціць злы дух хваробы ў дом у пошуках сваёй ахвяры, убачыць яркіх прыбраных лялек Ліхаманак, падумае, што гэта чалавек, і ўселіцца ў адну з іх. Таму лялек Ліхаманак робяць з яркіх тканін.
Вось такое прыгожае падарожжа ў таямнічы свет беларускай культуры адбылося ў нашай бібліятэцы!

























