Ад сіняй кветачкі да кашулі дзетачкам

Пазнавальная праграма з элементамі тэатралізацыі “Ад сіняй кветачкі да кашулі дзетачкам” адбылася ля  экспазіцыі  “Сялянская хата” для вучняў ДУА “Сярэдняя школа №9 г. Бабруйска” і ДУА “Сярэдняя школа №17 г. Бабруйска”.

Вы  бачылі, як цвіце лён? З такім пытаннем звярнулая да дзяцей бібліятэкар і прапанавала  паглядзець прэзентацыю “Лён адкажа на паклон”.

Блакітным морам далёка, аж за небакрай, разліваецца ён за вёскаю. Раней лён убіралі і апрацоўвалі ўручную. Траста, паднятая са сцелішча і высушаная ў снапах сама потым прасілася на церніцу.Так мялі і церлі лён, а кастрыца сыпалася на дол. Змятую трасту сушылі на печы, потым пачыналі трапаць.Трымаючы лён у руцэ, гаспадыня біла па ім тонкім рабром трапла – ачышчала ад кастрыцы. Потым часалі валакно грэбнем некалькі разоў, пакуль у руцэ не заставаўся кужаль – доўгая мяккая палойка лёну, падобная на дзявочую касу.Далей лён пралі. Быў час, калі папрадухамі ў весцы былі ўсе: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Даўней не куплялі ў краме, самі ткалі і посцілкі, і абрусы, і ручнікі. Перад гэтым пражу бялілі, або фарбавалі, рабілі аснову тканіны. І тады ўжо ўносілі  ў хату  кросны – самаробны ткацкі станок. Рыпелі панажы, стукала бёрда з набіліцамі, хадзілі  ўверх-уніз ніты- і ткалася белае палатно. На чарадзейных кроснах ткалася ўсе: ад грубага зрэб’я да тонкага кружалю.

Вучні заглянулі ў распісны  бабулін куфар , дзе ўбачылі саматканыя ільняныя ручнікі, посцілкі  і народны касцюм беларусаў. Дзеці з вялікім задавальненнем апраналіся ў  беларускі народны касцюм. Дзяўчаткі  змаглі пакачаць  драўлянымі качолкамі ручнікі і папрасці кудзелю.

Запрашаем наведаць бібліятэку і заглянуць у куфар, як гэта зрабілі дзеці. Вяртацца да старого ўкладу жыцця не варта. Але ведаць, як жылі нашы  дзяды – прадзеды, трэба. Каб не  рвалася па- жывому кроўная сувязь пакаленняў, каб каранілася і галінілася, вечна зелянела радаводнае дрэва кожнай сям’і.

20240613-105229 20240613-105326 20240613-105436 20240613-105629 20240613-105840 20240613-110540 20240613-111303 20240613-140255 20240613-140500 20240613-142313