У цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.П.Гайдара была праведзена інфармацыйна-пазнавальная гадзіна “Гісторыя беларускай кніжнасці”, прысвечаная Дню беларускага пісьменства. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, што друкаваныя кнігі на беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян з’явіліся на пачатку ХVІ стагодзя, што Францыск Скарына ўзняў беларускую мову і культуру на еўрапейскі ўзровень. Францыск Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, якія сёння ўспрымаюцца як самая дарагая рэліквія, як духоўны скарб, нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры.
Вучні даведаліся, што ўпершыню свята беларускага пісьменства адбылося ў старажытным горадзе Полацку (1994). Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе і іншыя гарады. У 2024 годзе Дзень беларускага пісьменства прыняў горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці.
Увазе юнакоў і дзяўчат быў прадстаўлены адкрыты прагляд літаратуры “Беларускае пісьменства – крыніца культуры і духоўнасці”. Удзельнікі мерапрыемства знаёміліся з выданнямі, прысвечанымі жыццю і дзейнасці асветнікаў і першадрукароў зямлі беларускай: Ф.Скарыны, Е.Полацкай, С.Буднага, П.Мсціслаўца, С.Собаля і інш.
Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Францыска Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.





















