Стань, мой сноп, на тысячу коп

Вы  бачылі, як цвіце лён? З такім пытаннем звярнулая да дзяцей бібліятэкар.  Блакітным морам далёка, аж за небакрай, разліваецца ён за вёскаю. Раней лён убіралі і апрацоўвалі ўручную. Траста, паднятая са сцелішча і высушаная ў снапах сама потым прасілася на церніцу. Так мялі і церлі лён, а кастрыца сыпалася на дол. Змятую трасту сушылі на печы, потым пачыналі трапаць. Трымаючы лён у руцэ, гаспадыня   біла па ім тонкім рабром трапла – ачышчала ад кастрыцы. Потым часалі валакно грэбнем некалькі разоў, пакуль у руцэ не заставаўся кужаль – доўгая мяккая палойка лёну, падобная на дзявочую касу. Далей лён пралі. Быў час, калі папрадухамі ў весцы былі ўсе: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Перад гэтым пражу бялілі, або фарбавалі, снавалі – рабілі аснову тканіны. І тады ўжо ўносілі  ў хату  кросны – самаробны ткацкі станок. Рыпелі панажы, стукала бёрда з набіліцамі, хадзілі ў уверх-уніз ніты- і ткалася белае палатно. На чарадзейных кроснах ткалася ўсе: ад грубага зрэб’я да тонкага кружалю.

І сёння ля экспазіцыі “Сянская хата”, што працуе пры нашай бібліятэцы можна ўбачыць распісны куфар, дзе ляжыць скарб, вытканы на кроснах. Вочы разбягаюцаа ад стракатай прыгажосці кашулі і фартушкоў,  посцілак,  абрусаў і ручнікоў. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх –жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.

Запрашаем наведаць бібліятэку і заглянуць у куфар, як гэта зрабілі навучэнцы ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” г. Бабруйска”.  Вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта. Але ведаць, як жылі нашы  продкі, трэба. Каб не  рвалася па-жывому кроўная сувязь пакаленняў, каб каранілася і галінілася, вечна зелянела радаводнае дрэва кожнай сям’і.

 

20250624-111045 20250624-110821 20250624-111623 20250624-111354 20250624-111915 20250624-112203 20250624-112851 20250624-112945 20250624-113639 20250624-113809 20250624-113918 20250624-111111 20250624-111155