З даўніх часоў на Беларусі існуе самае вясёлае свята – Каляды. Любімай справай нашых продкаў былі святочныя калядаванні. Калядавалі ўсе: і дзеці, і дарослыя, абавязкова ў касцюмах з казой або мядзведзем, з прыпеўкамі хадзілі па хатах і жадалі кожнай сям’і дабрабыту, добрага ўраджаю, здароўя, шчасця…
Нагадаць карыстальнікам аб гэтай слаўнай народнай традыцыі вырашылі работнікі дзіцячай бібліятэкі №6 імя М. А. Астроўскага разам з вучнямі 4 класу ДУА “Сярэдняя школа №9 г. Бабруйска”.
Увазе школьнікаў быў прапанаваны ўрок беларускай культуры “Каляда, каляда, весяліцца грамада”. Вучні паглядзелі прэзентацыю “Каб год быў шчодрым …”, з якой даведаліся пра тое, як нашы продкі святкавалі Каляды. Пад уражаннем убачанага хлопчыкі і дзяўчынкі пажадалі самі стаць удзельнікамі сапраўднага абраду калядавання. Разам з бібліятэкарам і настаўніцай яны падрыхтавалі інсцэніроўку “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму…”. У дапамогу вучням была арганізавана кніжная выстава “У калядны вечарок” і закладкі са сцэнарыем. Старанна падрыхтаваўшыся, вучні паказалі абрад калядавання для сваіх аднакласнікаў.
На свята да гаспадароў завіталі сапраўдныя калядоўшчыкі, якія правялі абрад “ваджэння казы”, якая па веры нашых прашчураў бароніць ад бяды і прыносіць ураджай збажыны.
Усе ўдзельнікі атрымалі святочны настрой, пачаставаліся каляднай ежай, а галоўнае, дакрануліся да мінуўшчыны нашай краіны, пазнаёміліся з лепшымі традыцыямі і абрадамі нашых продкаў.
























