Гісторыя – гэта памяць, нашы карані, але гэта наша сучаснае і будучае. Народ, які не зберагае свае традыцыі, не клапаціцца аб іх захаванні і ўзбагачэнні, паступова страчвае гістарычную памяць і нацыянальную самасвядомасць, губляе самабытнасць і непаўторнасць.
Цікава і весела можна правесці свой вольны час на канікулах у бібліятэцы. Так і зрабілі выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прыюту ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Ленінскага раёна г. Бабруйска”, калі завіталі ў дзіцячую бібліятэку № 6 імя М. Астроўскага .
Наведаўшы экспазіцыю “Сялянская хата”, якая створана пры бібліятэцы, разам з настаўніцамі яны адправіліся ў падарожжа ў мінулае “Пад шчаслівым дахам у кожнай хаце”. Тут яны даведаліся аб шляху хлеба ад зярна да каравая, а яшчэ як рубашка ў полі вырасла. Калі зазірнулі ў распісны куфар, дзеці знайшлі там народнае адзенне беларусаў і ільняныя вышытыя ручнікі. Вучні з захапленнем паслухалі гутарку аб нацыянальных і мастацкіх асаблівасцях беларускага касцюма. Хлопчыкі змаглі прымерыць ільняное белае аддзенне, якое было так да твару юным беларусам. З задавальненнем яны прынялі ўдзел у конкурсе “Хто ў хаце гаспадар”. Сапраўднымі гаспадарамі сталі Стасік і Матвей , якія змаглі і мукі намалоць, і лапці прымераць, і ведры на карамысле пранесці, а яшчэ як сапраўдныя гасцінныя беларусы пачаставалі аднакласнікаў і настаўніц духмяным хлебам. Юнакі вельмі зацікавіліся беларускай даўніной і пажадалі наведаць куток “Сялянская хата” яшчэ.
І вельмі важна, каб маладое пакаленне цікавілася мінулым і сучасным сваёй зямлі, сваімі славутымі зямлякамі, вучыліся любіць і захоўваць спадчыну сваіх продкаў.



























