Свята вялікага дня – “Вялікдзень”

У межах беларускамоўнага праекту “Беларускія традыцыі” ў гарадской бiблiятэцы №8 імя Еўфрасінні Полацкай адбылася гадзіна беларусазнаўства “Свята вялікага дня – Вялікдзень”. Вучні 4 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №18 г. Бабруйска”, якія наведалі бібліятэку ў “Вербную нядзелю” перад Вялікаднем даведаліся, што светлае Хрыстова Уваскрэсенне – галоўная падзея царкоўнага календара, найстаражытнае і найважнейшае хрысціянскае свята ўсталяванае ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста – цэнтра ўсёй біблейскай гісторыі і асновы ўсяго хрысціянскага вучэння.

Удзельнікі мерапрыемства пачулі пра тое, як нашы продкі рыхтаваліся да свята Уваскрэсення Хрыста на працягу тыдня, кожны дзень якога меў сваю назву, пазнаёміліся з вялікай колькасцю самых розных абрадаў і традыцый, многія з якіх выконваюцца і цяпер, расказалі пра велікодныя звычаі і традыцыі у іх сям’ях.

Дзеці даведаліся, што галоўнымі праваслаўнымі сімваламі свята з’яўляюцца: фарбаваныя велікодныя яйкі (сімвал пачатку новага жыцця), тварожная “пасха” (слодыч райскага жыцця, абяцаную Богам Зямлю, “дзе цякуць малако і мёд”) і куліч (прысутнасць Госпада за кожным святочным сталом). Пазнаёміліся з гульнямі ў якія можна згуляць на Вялікдзень, упрыгожылі велікоднае яйка і пачыталі  кнігі пра свята Вялікдзень, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць.