У Беларусі стартаваў праект “Кожная пятніца – роднае, сваё”, які аб’ядноўвае людзей вакол роднай мовы, нацыянальных каштоўнасцей і якасных айчынных тавараў. Гэта больш, чым проста ідэя – гэта выбар кожнага з нас, які ўмацоўвае нашу краіну і культуру.
Бібліятэкі установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Бабруйска” таксама далучыліся да праекта.
Гарадская бібліятэка №16 правяла для навучэнцаў ДУА “Сярэдняя школа №28 г.Бабруйска” пазнавальна-гульнёвую праграму “Ведай беларускае – сваё”. Да мерапрыемства была падрыхтавана інтэрактыўная гульня з пытаннямі аб вядомых беларускіх прадпрыемствах і брэндах, нацыянальных традыцыях, стравах і адзенні.
Для вучняў 3 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 31 г. Бабруйска” адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя “О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў”, прысвечаная Беларусі. Даведацца пра родную краіну заўсёды займальна і цікава.
У гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна было праведзена моўнае падарожжа “Кніжныя паліцы з беларускім каларытам”, якое садзейнічала павышэнню цікавасці да беларускай літаратуры і мовы.
З мэтай папулярызацыі літаратурнай спадчыны Беларусі прайшоў цыкл бібліятэчных мерапрыемстваў, прысвечаных беларускім кнігам і пісьменнікам-юбілярам.
Беларускай казцы была прысвечана літаратурная вандроўка “Сустрэча з казкай”, якая прайшла ў дзіцячай бібліятэцы №6 імя М.А. Астроўскага. На занятку вучні адгадвалі загадкі, складалі пазлы, гулялі ў беларускія гульні.
У гарадской бібліятэцы № 8 імя Еўфрасінні Полацкай і цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.П.Гайдара адбыліся мерапрыемствы да 75-годдзя знакамітага беларускага пісьменніка Міхася Пазнякова. З вялікім задавальненнем дзеці чыталі вершы Пазнякова пра маці, родную мову, герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Літаратурны партрэт “Іван Шамякін: чалавек, драматург, майстар” прайшоў у дзіцячай бібліятэцы №5, які пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з жыццём і творчай спадчынай пісьменніка.
З чытачамі гарадской бібліятэкі № 12 адбыўся дыялог ля выстаўкі “З любоўю да роднага слова”, на якой прэзентаваліся кнігі беларускіх аўтараў.
На абанеменце цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М.Горкага прайшла гутарка ля выставы “Як нараджалася беларуская кніга”, прысвечаная 105-годдзю з дня заснавання выдавецтва “Беларусь”. З гутаркі карыстальнікі бібліятэкі даведаліся, што ў розныя гады ў выдавецтве працавалі Цішка Гартны, Міхась Лынькоў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін – легендарныя творчыя асобы.
Удзел у праекце “Кожная пятніца – роднае, сваё” падкрэслівае важнасць нацыянальных каштоўнасцей і паказвае багацце беларускай мовы і літаратуры.






























