21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы – свята, якое нагадвае кожнаму з нас, што без роднай мовы немагчыма адчуваць сябе грамадзянінам сваёй краіны, часткай свайго народа. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру сваёй краіны.
“Наша мова самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса…” – такімі словамі Максіма Танка пачалася пазнавальная гадзіна “Гучы гоман беларускі!” у дзіцячай бібліятэцы №6 імя М.А. Астроўскага. У час мерапрыемства вучні 5 класу ДУА “Сярэдняя школа №9 г. Бабруйска” пачулі і адчулі прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова. Бібліятэкар расказала аб важным значэнні мовы ў жыцці чалавека, а асабліва роднай мовы, прапанавала прыняць удзел у конкурсах “Назаві адным словам”, “Адгадай загадкі” “Пазнай казку па яе пачатку”, згуляць у гульню “Чароўны куфэрак”. Прагучала шмат беларускамоўных прыказак, прымавак, загадак, у якіх адлюстроўваецца старадаўняя мудрасць і душа беларускага народа. І, канешне, звярнуліся да беларускай паэзіі – прагучалі вершы У. Дубоўкі, М. Танка, П. Панчанкі.
З мэтай захавання беларускага слова і папулярызацыі беларускай мовы, для навучэнцаў 1 курса ДУА “БДТЭК” была праведзена акцыя “Размаўляй і натхняй”. Студэнты змаглі паўдзельнічаць у інтылектуальных віктарынах “Ад Каляд да Пакроў”, “Мая родная мова – мілагучнае, звонкае, спеўнае слова”, згуляць у літаратурнае даміно “Сказаў, як звязаў” і г.д.
Навучэнцы даведаліся шмат цікавых фактаў пра беларускую мову, паразмаўлялі на ёй, узгадалі класікаў беларускай літаратуры і тых, хто меў дачыненне да стварэння літаратурнай мовы.
У выніку акцыі можна падкрэслісць: «Мова – наш найдаражэйшы скарб, які мы павінны не толькі зберагчы для нашых нашчадкаў, але і памножыць».























