Вось і надышлі Калядкі. На Беларусі з 7 па 18 студзеня святкуюцца Каляды. Здаўна нашы продкі ўмелі сустракаць і праводзіць святы, а Каляды – адно з самых любімых свят беларусаў.
На гадзіну беларускай культуры “12 калядных святочных дзён” каб пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі зімовага свята ў Гарадскую бібліятэку №8 імя Еўфрасінні Полацкай завітала моладзь, вучні 10 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №20 г. Бабруйска”.
Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з гісторыяй з’яўлення на тэрыторыі Беларусі свята пад назвай – Каляды. Даведаліся пра тое, як праходзіў пярэдадзень Калядаў у нашых продкаў, як ішла падрыхтоўка да свята, якія асаблівасці мелі першая святочная вячэра 6 студзеня – “Вялікая куцця”, другая куцця пад назвай “Багатая куцця” ці “Шчадрэц” і трэцяя – “Посная”, “Вадапусная” ці “Хрышчэнская куцця”. Пачулі цікавы аповед пра традыцыі, абрады і звычаі свята, якія праходзілі на працягу 12 калядных дзён. Сярод удзельнікаў мерапрыемства знайшліся і тыя, хто не аднойчы і сам калядаваў на Каляды, рабяты падзяліліся ўспамінамі калядавання і расказвалі пра калядныя традыцыі ў іх семьях.
Рабяты аказаліся спрытныя на розныя гульні, з задавальненнем згулялі ў беларускую народную гульню “Птушкі”, з дапамогай кніжнай выстаўкі “Жывыя вытокі” адказалі на пытанні віктарыны “У свеце народных традыцый” і адгадалі беларускія народныя загадкі. Завяршылася гадзіна беларускай культуры частаваннем каляднымі прысмакамі.
Свежие комментарии