Чытаем Дуніна-Марцінкевіча

Месца Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў гісторыі айчыннага пісьменства вызначана трывала: пачынальнік новай беларускай літаратуры. Вядомы даследчык Я. Янушкевіч  пералічвае наступныя іпастасі нашага земляка: першы прафессійны літаратар, таленавіты актор, адметны драматург, экспромтны паэт, працавіты перакладчык, актыўны грамадскі дзеяч, яркі публіцыст, бацька патрыятычнага сямейства, і самае галоўнае – перакананы асветнік. Літаратура стала для яго жыццёвай неабходнасцю, сродкам грамадскага жыцця.

Жыццёвы шлях пісьменніка ахоплівае ледзь не ўсё XIX cтагоддзе. Кожны беларус, ды і не толькі беларус, добра ведае такія творы Дуніна-Марцінкевіча, як “Ідылія” і “Пінская шляхта”, але тое, што нарадзіўся першапачынальнік беларускай драматургіі менавіта на бабруйскай зямлі ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. вядома не кожнаму.

У біяграфіі Дуніна-Марцінкевіча шмат белых плям. Нават год яго нараджэння быў пад пытаннем. Але гісторык беларускай культуры Г. Кісялеў адшукаў і апублікаваў метрычны запіс Бабруйскага парафіяльнага касцёла аб хрышчэнні Вінцэнта, якое адбылося 23 студзеня (па старому стылю) 1808 г. У ім засведчана, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і нарадзіўся ў той жа дзень, і быў ахрышчаны ў першы дзень народзін толькі “адной вадой”, “дзеля бяспекі для жыцця дзіцяці”. Кволаму хлопчыку было дадзена двайное імя Вінцэнт-Якуб, другім імем пісьменнік не карыстаўся. Хлопчык аказаўся жывучым, здолеў «зачапіцца» ў гэтым свеце. Можа, двайное імя напоўніла яго двайной сілай і дапамагло справіцца з хваробай?

У рамане “Каласы пад сярпом тваiм” Уладзімір Караткевіч дае апісанне вобраза пісьменніка: “На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўцiснуўшыся ў мяккую падушку, нiбы патануўшы ў ёй круглаватай фiгуркай, маленькi дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялiчкi i нагадваў бы лёгкую сутуласць, калi б толькi правае плячо не было вышэй за левае… На круглым мяккiм аблiччы блукала ўседаравальная, расчуленая ўсмешка. Гарбуну было год сорак пяць, але праставатыя блакiтныя вочы, светла-русыя валасы, … румяны ўсмешлiвы рот надавалi ягонаму аблiччу добры, наiўны, у нечым дзяцiны выраз”.

Хоць у Дуніна-Марцінкевіча і меўся псеўданім Навум Прыгаворка, ён не хаваў у большасці выпадкаў свайго аўтарства. У вершы “Хiба я стары?” ён даў адпор тым, хто “манеры салонаў засвоiлi ўмела”:

Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча

У будцы сабака, увагi на пса не звярну я.

Як раiць пясняр Cыракомля, пiшу я

Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай.

В. Дунін-Марцінкевіч, класік XIX ст. – сапраўды велічная постаць у нашай літаратуры. Вуснамі свайго адукаванага прадстаўніка Радзіма сказала адназначна: Беларусь жыве! І будзе жыць. Бо ніколі не загіне народ, які мае такую самабытную культуру, такую адметную і звонкую мову.

Давайце паслухаем Дуніна-Марцінкевіча.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля