Сцежкамі беларускіх казак

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў гарадской бібліятэцы №8 імя Еўфрасінні Полацкай для вучняў 3 “Б” класа ДУА “Гімназія-коледж мастацтваў г. Бабруйска” прайшла літаратурная гадзіна “Сцежкамі беларускіх казак”. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра тое, што такое казка, на якія віды падзяляюцца беларускія народныя казкі, успамнілі казкі пра жывёл, чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя казкі. Дзеці ўдзельнічалі ў шматлікіх віктарынах, а таксама расказалі пра сваю самую любімую беларускую казку. У канцы мерапрыемства вучні пазнаёміліся з кніжнай выстаўкай “Чароўны свет казак”.

У спадчыну добрае, роднае слова

21 лютага – у Дзень роднай мовы, у дзіцячай бібліятэцы №6 імя М. А. Астроўскага  адбылася акцыя “У спадчыну добрае, роднае слова”.

Шматлікія наведвальнікі бібліятэкі ў гэты дзень прынялі ўдзел у акцыі. Іх увазе бібліятэкары прапанавалі: літаратурнае лато “Пазнай  пісьменніка па партрэту”, дзе кожны ўдзельнік мог пазнаць па партрэту беларускага пісьменніка, назваць яго творы. Вельмі спадабалася дзецям і дарослым гуляць у літаратурнае даміно “Роднай мовы гук чароўны“. Гульцы атрымалі буклеты, закладкі і цукеркі. Усім жадаючым у гэты дзень бібліятэкары прапанавалі на беларускай мове экскурс у мінулае “Аб чым расказаў экспанат з дзедавай хаты” у кутку “Сялянская хата”, дзе дзеці, падлеткі і дарослыя змаглі дакрануцца да мінулага, пазнаёміцца з рэчамі хатняга ўжытку і пабачыць прылады працы ў рабоце.

Жыла-была беларуская казка

“Жыла-была беларуская казка” – пад такой назвай адбылася беларуская скарбонка ў ДУА «Яслі-сад №44 г. Бабруйска» у межах праекту «Внедрение модели формирования культуры межличностного общения детей дошкольного и школьного возраста на православных традициях и ценностях белорусского народа в условиях государственного двуязычия» (2019-2024гг).

У Дзень роднай мовы бібліятэкары гарадской бібліятэкі №8 імя Еўфрасінні Полацкай расказалі маленькім выхаванцам садка пра родную беларускую мову, пра тое чаму ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы і на якіх мовах размаўляюць народы свету. Дзеці з захапленнем і цікавасцю паслухалі беларускія народныя казкі, даведаліся пра страшнага казачнага “Пыха”, пагулялі ў гульню “Назаві па-беларуску”, адгадалі казачныя загадкі. Завяршылася мерапрыемства праглядам кніг з беларускімі казкамі “У свеце казкі”.

Ад калыханкі да малітвы

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы.

Сумная гісторыя ў гэтай даты. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова замест роднай мовы была ўведзена мова “урду”. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай і адстойвалі права навучацца на роднай мове, былі застрэлены паліцыяй. Адбылося гэта 21 лютага.

Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету. Нам у спадчыну засталася ўнікальная беларуская мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

“Ад калыханкі да малітвы”– пад такім дэвізам 21 лютага ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. М.Горкага адзначаўся Дзень роднай мовы.

На працягу мерапрыемства гучалі песні пра Беларусь, вучні 11”А” класа ДУА “Сярэдння школа №9 г. Бабруйска” чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі загадкі, расказвалі прыказкі і прымаўкі, удзельнічалі ў віктарынах, з задавальненнем уключыліся ў лінгвістычную гульню “Знаўцы роднай мовы” і хутка пераклалі словы з рускай мовы на беларускую і наадварот, здзейснілі падарожжа ў гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў бібліятэкары звярнулі на кніжную выставу, якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання. Прысутнічым прапанавалі паглядзець самаю цудоўную рэкламу беларускай мовы “Смак роднай мовы”.

Уважліва слухала моладзь выступленне старшыні Бабруйскага аддзялення Беллітсаюза “Полоцкая ветвь” Надзеі Паўлаўны Акушка, якая прадставіла свае вершы і ўрывак з апавядання “На дарогах вайны”.

Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць народнага слова. Наша родная мова для нас – самая прыгожая.

Прапануем вашай ўвазе “Байку пра ганарыстага пеўня”, якую напісала Н. Акушка:

У двары стаяў куратнік, амаль новы.

Сярод курэй быў певень каляровы.

Як ганарлiва грэбнем ён кiваў,

На кошку з непавагай паглядаў.

Лiчыў гаспадаром сябе галоўным,

Пакор патрабаваў ён безумоўны.

Меў певень той характар – вельмi злы.

Яго баялiсь бараны, казлы,

Бо быў пятух страшэнны забiяка.

Ледзь што не так, ён лез aдразу ў драку.

І вось аднойчы клюнуў гаспадыню.

Калi яна давала ежу свiнням.

А кошка назiрала з-за вугла,

І жудасны тут лямант падняла.

Пачуў усё мужык той гаспадынi,

Злавiў i пад сякеру кiнуў злыдня.

Вось так i трапiў ў суп наш певень,

Застаўся толькi яго грэбень!

Добры дзень, беларуская кніга

21 лютага святкуецца традыцыйнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Родная мова – гэта сімвал шанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбыўся Дзень беларускай кнігі  “Добры дзень, беларуская кніга”, дзе была арганізавана кніжная выстава-захапленне  “Ручай крыштальны мовы роднай!”, якая прапанавала карыстальнікам дакрануцца да крыніц беларускай мовы, народнай творчасці, пазнаёміцца з вершамі, казкамі, апавяданнямі беларускамоўных аўтараў, навінкамі беларускай літаратуры. У народнай мове шмат выразных, сакавітых слоў, яна надзвычай багатая  і мудрая. Дык не дамо загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове. Сярод чытальнікаў  адбылася акцыя   “Мама чытае на роднай мове”.  Мамы з задавальненнем чыталі вершы класікаў і сучасных аўтараў сваім хлопчыкам і дзяўчынкам. Таксама  наведвальнікі атрымлівалі флаеры  “ Давайце размаўляць па-беларуску”, “ Я люблю беларускую мову”. Працуючы над прасоўваннем беларускіх кніг бібліятэка падрыхтавала піяр-плакат новых беларускіх выданняў. Мерапрыемства выклікала ў чытачоў бібліятэкі пачуцці любові і гордасці за родную мову.

 

Я закаханы ў матчыну мову

Мова — гэта душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў цэнтральнай дзіцячай бібіліятэцы імя А.П.Гайдара для навучэнцаў пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Бабруйска” і вучняў 6 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №1г. Бабруйска”прайшоў урок беларускай літаратуры “Беларуская казка — розуму падказка” і ўрок беларускай мовы “Я закаханы ў матчыну мову”.

Для малодшых дзяцей бібліятэка падрыхтавала лялечны спектакль “Зайкава хатка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі паглядзелі казку, але і прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Падарожжа ў казку” і конкурсе “Наадварот”, знайшлі адказы на загадкі-блытанкі і матэматычныя задачкі.

Вучні шостага класа  даведаліся аб гісторыі Міжнароднага дня роднай мовы і прадэманстравалі свае веды ў якасці знаўцаў беларускай мовы: і прыказку трэба было скласці, і словы адгадаць, і на пытанні крыжаванкі “Спадчына” правільна адказаць, і пераклад зрабіць.

Прыемна было слухаць, як дзеці з цеплынёй і пяшчотай чыталі вершы пра беларускую мову і родную Беларусь.

У канцы мерапрыемства вучні пазнаёміліся з кнігамі, прадстаўленымі на кніжнай выстаўцы “Беларуская літаратура: модныя кнігі і чытаемыя аўтары”.

Такім чынам, наведвальнікі бібліятэкі яшчэ раз змаглі пераканацца ў тым, што наша мова — гэта сапраўды ўнікальная мова: самая мілагучная, самая ласкавая, самая звонкая  і самая непаўторная…

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
*
Генерация пароля